Мікалай Бардзюжа заклікаў узмацніць калектыўны адпор тэрарызму
Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы рашуча асудзіла тэракт у мінскім метро.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 12 красавіка заяве Генеральнага сакратара арганізацыі Мікалая Бардзюжы.
"Самым рашучым чынам асуджаю жорсткі тэрарыстычны акт, што быў здзейснены ў мінскім метро 11 красавіка і пацягнуў гібель ні ў чым не вінаватых людзей", - гаворыцца ў заяве Бардзюжы. "Гэтая трагедыя ў чарговы раз паказала надзвычайную важнасць барацьбы з экстрэмізмам, што вядзецца сусветнай супольнасцю, неабходнасць далейшага ўзмацнення калектыўнага адпору самай жахлівай ягонай праяве - тэрарызму", - адзначыў Генеральны сакратар АДКБ.