Міліцыянта пакаралі за складанне пратакола на ўдзельніцу акцыі салідарнасці

Ён складаў пратакол адміністрацыйнага правапарушэння на непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасці з палітвязнямі Ганну Шкадун. У пракуратуру паскардзілася маці дзяўчыны — Наталля.

У адказе з пракуратуры гаворыцца, што выкладзеныя ў скарзе факты часткова пацвердзіліся. Участковы Радзевіч парушыў адміністрацыйнае заканадаўства.

Наталля Шкадун распавяла, што адміністрацыйная камісія не павінна была прымаць дакумэнты. "Шмат у іх выпраўленняў. Ёсць месцы, дзе словы замазаныя карэктарам і зробленыя праўкі ад рукі. Шмат дакументаў рознага зместу дзіўным чынам датаваныя адной датай і адным нумарам. Разыходжанні ў копіі і арыгінале пратаколу. Яны дужа, відаць, спяшаліся ўсё зрабіць да 16 сакавіка — гэта быў апошні дзень для разгляду справы. Яны не думалі, што я буду дэталёва дакументы праглядаць. Разлік быў, што спалохаемся самога факту, што нас выклікаюць на камісію", - распавяла Свабодзе Наталля Шкадун.

Паводле Наталлі, Ленінскі суд Магілёва ўжо прыняў да разгляду яе пазоў на камісію ў справах непаўналетніх. Калі адбудзецца суд, ёй паведамяць дадаткова.