Магілёўскай бібліятэцы падаравалі кнігу Івана Жахлівага
Гэта 40-томнае факсімільнае выданне летапіснага звода “Падручнік кніг для царскіх дзяцей”.
Такі падарунак зрабіў выхадзец з Магілёва, вядомы расійскі пісьменнік Валеры Казакоў. Ён, дарэчы, з’яўляецца кіраўніком федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, адзначае “Радыё Магілёў”.
Падручнік быў выдадзены ў адзінкавым экзэмпляры ў другой палове XVI стагоддзя на загад цара Івана IV Жахлівага для адукацыі царскіх дзяцей. У кнізе больш за 10 тысяч аркушаў і больш за 17 тысяч ілюстрацый.
Між іншага, вядомы расійскі пісьменнік некалькі месяцаў таму падараваў музею гісторыі Магілёва шэсць тамоў кніг часоў Івана Жахлівага і некалькі музейных экспанатаў. Агулам жа ў яго калекцыі такіх кніг 44. Магілёўцы спадзяюцца, што ў хуткім часе ўсе яны стануць здабыткам бібліятэкі імя Карла Маркса.