Магілёўскія сацыял-дэмакраты ініцыююць Закон “Аб грамадскіх слуханнях”
З дапамогай якога будуць рэгулявацца ўзаемаадносіны грамадскасці, бізнесу і ўлады, а таксама плануецца ўзвысіць статус самога паняцця грамадскіх слуханняў.
Пра неабходнасць новага закона распавядае лідар магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў:
“Мы сочым за тым, што адбываецца ў нашым горадзе, — як праходзяць грамадскія слуханні і як яны ігнаруюцца ў тых выпадках, калі яны павінны адбывацца. Працуючы і разбіраючыся з дакументамі, мы прыйшлі да высновы, што агульнага закона, які бы рэгуляваў і прапісваў працэдуру правядзення грамадскіх слуханняў, няма. Ёсць нейкія інструкцыі, падпункты ў законах, аднак паўнавартасны закон адсутнічае”.
Сацыял-дэмакрат прыводзіць тры яскравыя прыклады, калі не былі ўлічаны інтарэсы грамадзян.
Першы — гэта сітуацыя з раёнам “Чапаеўкі”. Паводле зацверджанага плана развіцця Магілёва да 2030 года на месцы раёна прыватных дамоў мусіць паўстаць раён шматпавярховак. Пры тым, што шмат дамоў “Чапаеўкі” можна смела аднесці да катэгорыі элітных. Людзей ніхто ні пра што не пытаў — улады ім проста паведамілі аб сваіх планах.
Другім прыкладам — сітуацыя з будаўніцтвам новага дома на мікрараёне “Юбілейны”, дзе на месцы бярозавага гайка мусіць паўстаць элітная высотка. Аб пазіцыі жыхароў з нагоды ўшчыльнення мікрараёна і высечкі бярозавага гайка таксама ніхто не пытаў. Улады спаслаліся на тое, што грамадскія слуханні не трэба праводзіць, бо 40 гадоў назад быў зацверджаны генплан развіцця горада, і на месцы цяперашняга гайка шматпавярховыя дамы ўжо значыліся.
Трэці выпадак, калі выдзяленне зямлі агульнага карыстання адбылося дэпутату-фермеру Юрыю Коршунаву ў вёсцы Нядашава-2 Магілёўскага раёна. Фермер разараў луг і засееў яго кукурузай, у выніку чаго ўся вёска аказалася пазбаўлена свабоднага доступа да вадасховішча. Пра ход кампаніі расказвае Ігар Барысаў:
“Мы на месцы правядзем інфармацыйную лакальную кампанію, збярэм подпісы. Мы будзем звяртацца як у гарсавет, так і да “абраных” дэпутатаў парламента, каб яны паспрабавалі ініцыяваць прыняцце гэтага закона па патрабаванні грамадзян. Мы будзем збіраць подпісы ў праблемных раёнах, то бок там, дзе не праходзілі грамадскія слуханні, а мусілі праводзіцца, і парушаліся правы грамадзян”.
Сацыял-дэмакрат спадзяецца, што ягоную ініцыятыву падтрымае не толькі ўся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аднак і іншыя грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі.
Праваабаронца Барыс Бухель пагаджаецца, што такі закон проста неабходны:
“Закон “Аб грамадскіх слуханнях” неабходны. Ён мусіць урэгуляваць парадак уліку грамадскай думкі. Дастаткова поўна ён урэгуляваны ў экалагічным заканадаўстве. У Водным кодэксе, Кодэксе аб зямлі, горадабудаўніцтве прапісана, што павінна ўлічвацца грамадская думка, аднак як гэта мусіць рабіцца, не абгаворана. Патрэбен агульны закон, тым болей што ёсць пытанні малых мікрараёнаў, двароў, калі неабходна ўлічваць думкі невялікіх груп людзей, а там пра гэта нічога не сказана, толькі агульныя словы”.
Варта адзначыць, што з нагоды ініцыяцыі Закона “Аб грамадскіх слуханнях” у бліжэйшы час у Магілёве адбудзецца круглы стол. Пасля яго пачнецца збор подпісаў пад узгаданай ініцыятывай.
Спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма"