Магістрант парэзаў аспіранта з-за спрэчкі пра серыял "Ясенін"
Набыў моц вырак суда Кастрычніцкага раёна Мінску ў дачыненні да 26-гадовага навучэнца магістратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Хлопца асудзілі на 3 гады "хіміі" без накіравання ў папраўчую ўстанову. Яго прызналі вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага пашкоджання, небяспечнага для жыцця, паведамляе БелаПАН.
Злачынства адбылося яшчэ 29 студзеня ў пакоі інтэрната, магістрант жыў разам з 25-гадовым аспірантам гэтага ж універсітэта. З 28 студзеня маладыя людзі віном і півам адзначалі Дзень беларускай навукі, які насамрэч святкуецца 30 студзеня. Уначы 29 студзеня глядзелі па ноўтбуку серыял "Ясенін". У нейкі момант яны паспрачаліся з нагоды гістарычных падзей фільма і персанажаў. Спрэчка перарасла ў абразы, а потым магістрант ударыў аспіранта нажом у грудзі. Сур'ёзнасць раны маладыя людзі зразумелі не адразу і спрабавалі самастойна спыніць кроў і апрацаваць рану ёдам.
Выносячы прысуд, суд улічыў асобу абвінавачванага і дадатныя характарыстыкі.