Марэк Буцька: Мэта фальшывак — спыніць падтрымку рэпрэсаваным у Беларусі
Былы першы сакратар польскай амбасады ў Мінску пракаментаваў публікацыю польскай “Газеты Выборчай” пра падсыланне ў польскія СМІ невядомымі фальшывых дэпешаў.
Еўрарадыё: Ці за фальшывымі дэпешамі, якімі нехта засыпае польскія СМІ, сапраўды могуць стаяць беларускія спецслужбы?
Марэк Буцька: Безумоўна. Гэта праца КДБ, і такія рэчы ўжо мелі месца ў мінулым. Гэта старая тактыка спецслужбаў: фабрыкаваць фальшывыя дакументы, змешваць праўду з хлуснёй, альбо паўпраўдай – і такім чынам уплываць на грамадскую думку ў варожай краіне. Ну а кіраўніцтва Беларусі, беларускі рэжым, на жаль, успрымае Польшчу як ворага нумар 1, таму што Польшча найбольш актыўна падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі.
Еўрарадыё: Якія мэты пераследуюць ініцыятары гэтай акцыі?
Марэк Буцька: Мэта — дыскрэдытацыя Саюзу палякаў, у прыватнасці сябра гэтай арганізацыі Андрэя Пачобута, дыскрэдытацыя апазіцыйных дзеячоў, а таксама спроба кампраметацыі, ачарнення польскіх дыпламатаў, якія найбольш ангажуюцца ў падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Еўрарадыё: Паводле інфармацыі “Газеты Выборчай” супрацоўнікі КДБ здолелі канфіскаваць частку дакументаў, калі супрацоўнікі консульства ў Брэсце палілі іх у кацельнай па-за тэрыторыяй пляцоўкі. Гэта нармальная дыпламатычная практыка ці нейкі недагляд?
Марэк Буцька: Я не магу гэтага зразумець. Абсалютна ўсе дакументы – і таемныя, і нетаемныя, трэба знішчаць на тэрыторыі дыпламатычнай пляцоўкі. І калі я працаваў у Мінску, то гэты прынцып строга захоўваўся. Гэта робіцца, між іншым, для таго, каб не ўзнікалі такія інцыдэнты. І таму недагляд супрацоўнікаў консульства відавочны.
Еўрарадыё: Ці з пункту гледжання міжнароднага права канфіскацыя дакументаў у дыпламатаў была легальнай?
Марэк Буцька: Калі такі факт сапраўды меў месца, то гэта парушэнне дыпламатычных канвенцыяў, і беларускія спецслужбы здзейснілі злачынства супраць польскіх дыпламатаў.
Еўрарадыё: Гэты “кампрамат” арыентаваны больш на польскую публіку ці на беларусаў?
Марэк Буцька: Я думаю, што ўсё ж такі на польскую. У Беларусі існуе шмат іншых магчымасцяў прапагандысцкай апрацоўкі грамадства. Рэжым яе робіць даўно, і яму для гэтага не трэба фабрыкаваць фальшывыя дыпламатычныя дэпешы — БТ ці “Советская Белоруссия” можа напісаць што заўгодна без якіх-кольвечы дакументаў.
Мэтай гэтых укідаў ёсць стварэнне ў польскім грамадстве атмасферы, у якой далейшая дапамога дэмакратыі ў Беларусі ці Саюзу палякаў будзе ўспрымацца негатыўна. Беларускі КДБ даўно імкнецца любымі спосабамі перашкодзіць гэтай дапамозе: функцыянаванню стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага, падтрымцы рэпрэсаваных, падтрымцы медыяў, якія вяшчаюць з тэрыторыі Польшчы. Яны не ў стане заблакаваць гэтыя праграмы па афіцыйных каналах — адсюль спроба маніпулявання польскаю грамадскаю думкай.
Еўрарадыё: Ці гэтыя спробы маюць шанец на поспех?
Марэк Буцька: Я думаю, што шанец мізэрны. Ёсць такая польская прыказка: “Пазнаюць каня па аглоблях”. Пра рэжым Лукашэнкі, пра тое, што КДБ – гэта злачынная арганізацыя і пра рэпрэсіі ў Беларусі ведаюць нават малыя дзеці ў польскіх школах. І ніякія фальшывыя дакументы не могуць гэтага меркавання змяніць. Канешне, на нейкіх асобных, малаабазнаных у тэме чытачоў гэта можа аказаць пэўны ўплыў, але агулам на грамадскую думку масавага ўплыву гэта мець не будзе.
Еўрарадыё: Якую рэакцыю на гэтыя дзеянні варта чакаць ад польскіх ўладаў?
Марэк Буцька: Я перакананы, што рэакцыяй перадусім польскіх спецслужбаў павінна быць узмацненне барацьбы з беларускай агентурай у Польшчы. Бо такія дзеянні КДБ супраць польскай дзяржавы з’яўляюцца злачыннымі. І тых асобаў ў Польшчы, якія спрычыняюцца да гэтых дзеянняў, трэба выкрываць, як шпіёнаў. Я думаю, што польскія службы маюць дастатковую інфармацыю на гэты конт. Іншая рэч, што дагэтуль яны глядзелі на гэта крыху скрозь пальцы. Цяпер гэта, напэўна, скончыцца.
Я таксама лічу, што ў гэтай сітуацыі польскі бок мусіць разгледзець пытанне аб паніжэнні рангу дыпламатычных стасункаў з Беларуссю і больш дакладна прыглядзецца да дзейнасці беларускіх дыпламатаў у Варшаве, Гданьску ды іншых консульствах. Бо часта гэта не дыпламаты, а агенты КДБ, і іхная дзейнасць выходзіць далёка за іх дыпламатычны статус.
Фота — fakty.interia.pl