Фанаты "наехалі" на хакеістаў мінскага "Дынама" (відэа)

Інцыдэнт адбыўся 7 кастрычніка ў Маскве пасля завяршэння матчу супраць "Спартака". Яго беларускі клуб прайграў з лікам 4:1. РІА "Навіны" паведамляе, што заўзятары "Дынама", засмучаныя гульнёй каманды ў матчы са "Спартаком", вымусілі каманду пакінуць лядовы палац "Сакольнікі" праз "чорны выхад". Пасля матчу яны перакрылі выхад, праз які звычайна хакеісты каманды гасцей накіроўваюцца да аўтобуса. Мясцовая паліцыя нават выклікала падмацаванне, каб абараніць беларускіх хакеістаў.

Раз'юшаны натоўп фанатаў патрабаваў выклікаць трэнераў і гульцоў "Дынама", каб выказаць ім сваю незадаволенасць. Аднак галоўны трэнер Кары Хейккіля не выйшаў да заўзятараў, нягледзячы на іх патрабаванні. Замест яго прабачаўся спартыўны дырэктар – Ігар Матушкін.

Серыя паражэнняў "Дынама" дасягнула трох сустрэч. У Заходняй канферэнцыі каманда зараз займае 13-е месца сярод 14 каманд, а па страчаных ачках замыкае табліцу.