Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце хоча быць яго законным прадстаўніком
Адпаведную заяву яна падала на імя кіраўніка следчай групы, якая займаецца расследваннем выбуху, Андрэя Шведа.
Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце занепакоеная фізічным і маральным станам зняволенага ў СІЗА КДБ сына і хоча, каб яе дапусцілі да ўдзелу ў дзеяннях па крымінальнай справе.
У вінаватасць сына яна не верыць, згадвае пра хранічныя захворванні, на якія пакутуе хлопец, і непакоіцца, што на яго можа быць аказаны ціск, каб ён прызнаў сябе вінаватым у тым, чаго не рабіў.
Нагадаем, 31 траўня ў СМІ з’явілася паведамленне пра выступ намесніка Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы аб ходзе расследавання абставінаў выбуху ў мінскім метро. Андрэй Швед заявіў, што следствам устаноўлена дачыненне абвінавачаных ў тэракце яшчэ да 14 злачынстваў, здзейсненых у Віцебску з ужываннем самаробных выбуховых прыстасаванняў за перыяд з 2000 па 2011 год, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".