Мазырскія пратэстанты падзякавалі Лукашэнку за працоўную нядзелю

У лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі сябры пратэстанцкай абшчыны адзначаюць, што 8 сакавіка сёлета супала з біблейскім святам Пурым. Яго святкуе габрэйскі народ, а таксама хрысціяне, якія шануюць Божыя запаветы і біблейскія святы. Перанос выходнага дня на суботу быў бы прыніжэннем правоў вернікаў і парушэннем Божага запавету аб шанаванні дня суботняга, лічаць вернікі.

Яны таксама не разумеюць, чаму перанос працоўнага дня на нядзелю выклікаў пратэсты з боку некаторых хрысціянскіх абшчын і асобных вернікаў, перадае БелаПАН.

Шэраг пастараў беларускіх евангелісцкіх цэркваў звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай адмяніць указ аб пераносе працоўнага дня на нядзелю, 11 сакавіка. Яны матывавалі гэта тым, што нядзеля з’яўляецца днём набажэнстваў і перанос працоўнага дня пагражае рэлігійным пачуццям і ладу жыцця мільёнаў хрысціянаў.