Міхаіл Саакашвілі зноў заклікае Еўропу да дыялогу з Беларуссю
Пра гэта ён заявіў 26 ліпеня ў Батумі пасля сустрэчы з Браніславам Камароўскім, прэзідэнтам старшынюючай у ЕС Польшчы.
Грузінскі прэзідэнт мяркуе, што палітыка ізаляцыі Беларусі павялічвае шанец яе трапляння пад кантроль Расіі. А гэта з'яўляецца контрпрадуктыўным для доўгатэрміновага развіцця Еўропы.
Па словах Саакашвілі, Беларусь у адрозненне ад Расіі не акупуе суседнія краіны, і сцвярджаць, што Расія больш дэмакратычная за Беларусь, — "абсурд", перадае БелаПАН са спасылкай на Бі-бі-сі.
Дарэчы, гэта ўжо другая падобная заява грузінскага лідара. 22 ліпеня Саакашвілі заклікаў міжнародную супольнасць да актыўнага дыялогу з Беларуссю, каб яна не апынулася ў ізаляцыі і развівалася ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.