Міхаіл Захараў заявіў пра магчымы сыход з "Юнацтва"
Таксама трэнер абвінаваціў некаторых хакеістаў у п'янстве.
Пра гэта ён заявіў 12 сакавіка пасля гульні з "Шахцёрам" за выхад у паўфінал Адкрытага чэмпіянату Беларусі. Нагадаем, што мінскае "Юнацтва" ў сябе дома прайграла салігорцам з лікам 2:3.
Галоўны трэнер "Юнацтва" назваў паразу заканамернай, адзначае БелаПАН. Ён заявіў, што з клуба сышлі 15 хакеістаў, што гульцам не давалі спартовай формы і што леташні фінансавы крызіс найбольш моцна адбіўся на сталічным клубе. Захараў мяркуе, што ў міжсезонне каманду пакіне яшчэ дзясятак чалавек. Ён не выключыў, што і сам можа трапіць у гэтую дзясятку.
У той жа час Захараў не пагадзіўся з тым, што сезон для "Юнацтва" атрымаўся няўдалым. Ён нагадаў, што на Кантынентальным кубку каманда заняла другое месца і трапіла ў фінал Кубка Беларусі. Па словах трэнера, поспехі маглі быць большымі, калі б не п'янкі некаторых хакеістаў. У прыватнасці, ён назваў прозвішчы Задзеленава і Яноўскага.