Мілашоскі: За 7 метраў можна глядзець тэлевізар, а не падлік галасоў
З такой заявай выступіў кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Антоніа Мілашоскі напярэдадні свайго ад'езду з Беларусі.
Прадстаўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) распавёў пра гэта ў інтэрв'ю агенцтву БелаПАН.
Па яго словах, назіральнікі не маглі паўнавартасна сачыць за працэдурай падліку галасоў на выбарчых участках у Беларусі. Мілашоскі мяркуе, што справа не ў адлегласці, а ў даверы — ці існуе поўны давер да назіральнікаў, запрошаных назіраць за выбарчай кампаніяй. У выніку, працэдура падліку галасоў з'яўляецца прывілеяй выбарчай камісіі, а назіральнікі не могуць паўнавартасна за ёй сачыць.
Мілашоскі пракаментаваў таксама выказванне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Яна заявіла, быццам толькі 37% назіральнікаў палічылі, што ім не далі дастаткова магчымасцяў для назірання за падлікам галасоў. Прадстаўнік БДІПЧ кажа, што 37% — "гэта вельмі высокая і негатыўная ацэнка гэтай працэдуры падчас мінулых выбараў". Менавіта з-за немагчымасці ўсіх назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў місія БДІПЧ АБСЕ ацаніла працэдуру падліку як дрэнную, падкрэсліў ён.
Фота — AP