Міліцыянтаў цікавіць, што сёння будзе рабіць магілёўская актывістка
Учора позна ўвечары да праваабаронцы з грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысціны Шацікавай наведаўся супрацоўнік Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Магілёва.
"Ён запытаўся, ці збіраюся я адзначаць дзень 15 сакавіка і якімі мерапрыемствамі. Я пацікавілася, што ён мае на увазе, бо 15 сакавіка, акрамя беларускага Дня канстытуцыі, арганізацыі анархістаў ува ўсім свеце абвясцілі днём барацьбы з паліцэйскай і міліцэйскай сваволяй. І тое, і тое я адзначаць збіраюся, адказала я міліцыянту. Ён разгубіўся і пачаў апраўдвацца, што прыйшоў з уласнай ініцыятывы", - распавяла Радыё Свабодзе Шацікава.
15 сакавіка Крысціна Шацікава павінна зявіцца ў абласную управу КДБ. Каб яе дапытаць, з Мінску прыяжджае следчы. На допыт актывістку выклікалі як сведку па справе аб беспарадках 19-20 снежня.