Міліцыя шукае змешчанага пад варту Аляксандра Крутога
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла яго дачка Інэса Крутая, пацярпелая ад выбуху ў мінскім метро.
Раней паведамлялася, што Крутога змясцілі пад варту ў жодзінскую турму.
Па словах Інэсы Крутой, два міліцыянты 11 лістапада прыйшлі да яе дадому і спрабавалі высветліць месцазнаходжанне бацькі. Калі жанчына не пусціла іх у кватэру, міліцыянты пачалі апытваць суседзяў. На думку Крутой, яны рабілі тое, што абавязаны былі зрабіць у другой палове жніўня — верасні, калі Аляксандр Крутой нібы знаходзіўся ў вышуку за ўчыненае хуліганства. Тады ім ніхто не цікавіўся, а ў другой палове верасня ён удзельнічаў у судовых паседжаннях па справе пра тэракт.
Нагадаем, што Крутой абараняў інтарэсы дачкі ў судзе. Ён выступаў са шматлікімі хадайніцтвамі. Пасля гэтага мужчыну затрымалі і змясцілі ў псіхіятрычную лякарню. Па словах дачкі, 25 кастрычніка медычная экспертыза прызнала Аляксандра Крутога неадэкватным. Тым не менш мужчыну чамусьці перавялі ў жодзінскую турму.