Мінчукі галасуюць за прахалодную тэмпературу паветра ў метро
Сталічныя ўлады з мінулага тыдня вывучаюць меркаванне гараджан пра тое, якая тэмпература з'яўляецца найбольш аптымальнай у метрапалітэне.
Як інфармуе сайт Мінгарвыканкаму, у зімовы час цёпла апранутым пасажырам у метро спякотна. Там яны знаходзяцца працяглы час, а пасля выходзяць і трапляюць зноў на мароз. Чыноўнікі заклапочаныя, што гэта прыводзіць да захворванняў.
Таму на сайце і прапануецца паўдзельнічаць у галасаванні за два варыянты: за цёплую тэмпературу паветра ў метро (15-18 градусаў цяпла) ці прахалодную (10-12 градусаў вышэй за нуль).
На 00.50 пятніцы 23 лістапада была пададзена прыблізна роўная колькасць галасоў — каля 45 тысяч за кожны варыянт. Дзіўна, але ў сераду 28 лістапада ў 15.23 дзясяткі тысяч галасоў проста зніклі! За першы варыянт засталося 3586 галасоў, за другі (прахалодную тэмпературу паветра) — 6000.