Міністэрства замежных спраў Літвы падасць апеляцыю па справе Пефціева

"МЗС пазнаёміўся з аргументамі адміністрацыйнага суда і вырашыў падаць апеляцыю, бо лічыць аргументацыю ў рашэнні суда няслушнай і неправавой. МЗС лічыць, што суд не ўлічыў шэраг важных фактараў, сярод іх і той, што выключэнне з дзеяння санкцый не можа быць выканана аўтаматычна", — гаворыцца ў афіцыйнай заяве літоўскага МЗС.

Нагадаем, 27 жніўня Віленскі акруговы адміністрацыйны суд задаволіў скаргу Уладзіміра Пефціева і трох яго кампаній да літоўскага МЗС. Пефціеў апынуўся ў "чорным спісе" ЕС у чэрвені 2011 года згодна з рашэннем і рэгламентам Савета ЕС. Рэгламент з'яўляецца відам прававога акта ЕС, які з'яўляецца абавязковым для выканання ва ўсіх краінах ЕС ва ўсёй сваёй цэльнасці.