Міністр унутраных спраў не верыць звесткам ААН наконт узроўню забойстваў

Пра гэта генерал-маёр міліцыі Ігар Шуневіч заявіў у інтэрв'ю "Белорусской военной газете". Гаворка зайшла пра нядаўна апублікаваны рэйтынг Упраўлення Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па наркотыках і злачыннасці. Па яго звестках, Мінск — на другім месцы пасля Таліна па колькасці наўмысных забойстваў сярод еўрапейскіх гарадоў. Лічба такіх забойстваў у Мінску — 5,7 на 100 тысяч насельніцтва.

Па словах Шуневіча, гэтая інфармацыя супярэчыць рэчаіснасці. Летась у сталіцы адбылося 49 забойстваў з замахамі. Насельніцтва Мінска складае каля двух мільёнаў чалавек. Можна  падлічыць, што на 100 тысяч чалавек даводзіцца крыху больш 2,5 такіх злачынстваў — як забойстваў, так і замахаў на забойства.

Па словах міліцэйскага міністра, пры складанні падобных рэйтынгаў выкарыстоўваецца афіцыйная статыстыка. Афіцыйны Мінск яе падаў. Але, кажа Шуневіч, невядома, якімі звесткамі аперавалі ў Вене.

Фота — vsr.mil.by