Мінскае хакейнае “Дынама” — на збор у Швейцарыю, а маскоўскае — у Пінск!

110803 Zybluk Hokkey.mp3

Некалькі дзён таму хакеісты мінскага “Дынама” прыбылі на збор ў Швейцарыю. Еўрарадыё даведалася, чаму для падрыхтоўкі да сезона выбралі менавіта гэту не самую танную краіну.

Па словах кіраўніка прэс-службы сталічнага клуба Івана Караічава, мінскае “Дынама” выбірае гэту краіну з-за…выдатнага высакагорнага паветра.

“Яно дапамагае камандзе закласці неабходную фізпадтрыхтоўку і функцыянал для таго, каб роўна і якасна прайсці сезон. У Беларусі таксама добрыя ўмовы, але гор, на жаль, у нас няма. Таму мы уехалі ў Швейцарыю. Каб мінімізаваць страты, мы скарэктавалі планы перадсезоннай падрыхтоўкі”.

Перад мінулым сезонам “зубры” на збор ездзілі таксама ў Швейцарыю. У гэтым годзе знаходжанне ў альпійскай краіне крыху скарацілі, а пачатковы этап падрыхтоўкі правялі ў Мінску.

“Не думайце, што каманда жыве ў самых лепшых умовах. Гэта дастойныя сціплыя ўмовы, якія дазваляюць спартоўцам падрыхтавацца, але гэта не азначае, што мы кідаемся грашыма”, – кажа Караічаў.

Акрамя швейцарскага збору мінчане плануюць яшчэ ўзяць удзел у турнірах у Рызе і Данецку. Ва Украіне давядзецца згуляць з мясцовым “Данбасам”, санкт-пецярбургскім СКА і рыжскім “Дынама”. Па словах Караічава, удзел у гэтым турніры дазволіць камандзе кампенсаваць частку стратаў швейцарскага збору.

А вось “Дынама” маскоўскае рыхтуецца да сезону ў беларускім Пінску. Прэс-сакратар клуба Аляксандр Малюгін кажа Еўрарадыё, што Алег Знарок са сваімі хакеістамі пачаў ездзіць сюды 3 ці 4 гады таму, яшчэ з часоў ХК МВД.

“Усё спадабалася, у Пінску вельмі зручная база, тут усё знаходзіцца ў крокавай даступнасці. Да таго ж у тым сезоне добра выступілі. Трэнерскі штаб падумаў, што для нашай каманды сэнсу нешта мяняць няма. Тое, што мы можам атрымаць на іншых базах, мы можам узяць у Пінску. Мясцовыя базы нічым не саступаюць аналагам у іншых краінах”.

Па словах Малюгіна, трэнеры маскоўскага “Дынама” могуць распісаць план трэніровак, знаходзячыся ў Маскве, бо даўно ведаюць, што ды як у Пінску. Да таго ж, і кошты прывабліваюць.

Іншых замежных збораў маскоўскі клуб не плануе. А 5 жніўня правядуць кантрольныя матчы двума складамі з “Нёманам” і “Гомелем”. Мінскае ж “Дынама” з беларускімі клубамі сустракацца не плануе, хоць і былі такія прапановы.

Цікава, што і мінскае, і маскоўскае “Дынама” ў мінулым сезоне КХЛ дайшлі да адной стадыі – плэй-оф. Для мінскага “Дынама” гэта самае “высакагорнае” дасягненне ў КХЛ.

Фота: esport.by