Мінюст не хоча, каб грамадзяне рабілі відэа- і аўдыязапіс чыноўнікаў
Грамадзяне не маюць права выкарыстоўваць відэа- і аўдыятэхніку падчас прыёму ў дзяржаўных органах.
Пра гэта заявіла намесніца міністра юстыцыі Ала Бодак на прэс-канферэнцыі ў Мінску, перадае БелаПАН. Разам з тым, чыноўніца адзначыла, што Закон "Пра звароты грамадзян і юрыдычных асоб" не рэгламентуе гэтае пытанне.
Разам з тым, па словах Бодак, закон дае права дзяржорганам весці відэа- ці аўдыязапіс асабістых прыёмаў грамадзян. Пры гэтым грамадзяніна мусяць загадзя папярэджваць, што вядзецца запіс. Калі грамадзянін супраць, ён можа адмовіцца ад прыёму на такіх умовах, заяўляе чыноўніца.