МУС хоча параіцца з журналістамі наконт бяспекі на масавых акцыях
Міліцыя прапрацоўвае магчымасць сумеснай сустрэчы прадстаўнікоў МУС, Генпракуратуры, Мінінфарма, а таксама журналістаў і журналісцкіх арганізацый.
Пра гэта гаворыцца ў лісце, які Еўрарадыё атрымала ад Міністэрства ўнутраных спраў у адказ на сваю скаргу.
“У мэтах выпрацоўкі адзінай пазіцыі па пытаннях, звязаных з арганізацыяй бяспекі прафесійнай дзейнасці журналістаў падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, прапрацоўваецца магчымасць правядзення сумеснай працоўнай сустрэчы прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі, Генпракуратуры і МУС, а таксама СМІ і грамадскіх журналісцкіх арганізацый”.
Нагадаем, падчас маўклівых акцый людзі ў цывільным затрымлівалі двух журналістаў Еўрарадыё: двойчы Паўла Свярдлова і адзін раз Андрэя Елісеева.
У адказе на скаргу МУС прызнае, што міліцыя не павінна перашкаджаць працы журналістаў падчас масавых акцый, але адзначае, што “ў экстрэмальных умовах нясення службы, калі адбываюцца групавыя парушэнні грамадскага парадку супрацоўнікам органаў унутраных спраў практычна немагчыма адрозніць актыўнага ўдзельніка несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, парушальніка грамадскага парадку ад журналістаў СМІ з-за адсутнасці ў апошніх якіх-небудзь элементаў ідэнтыфікацыі”.
Варта адзначыць, што карэспандэнтаў Еўрарадыё міліцыянты затрымлівалі, не зважаючы на пасведчанні, а на Паўла Свярдлова нават быў складзены пратакол, пасля чаго журналіста змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Паралельна са скаргай у МУС Еўрарадыё звярнулася і ў Генпракуратуру. Пракуроры выявілі парушэнні з боку міліцыянераў і прапанавалі Анатолю Куляшову пакараць вінаватых. Таксама яны назвалі людзей у цывільным, якія беспадстаўна затрымлівалі журналістаў.
Аднак пакуль невядома, ці пакараныя міліцыянеры і якім чынам.