Музей у сядзібе Касцюшкі расказвае пра Другую Сусветную (фота)

Перад будынкам паставілі бюст Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. Музей мае статус раённага гісторыка-краязнаўчага. Касцюшку прысвечаная толькі частка самага вялікага пакоя. У другой ляжаць экспанаты часоў Другой Сусветнай вайны. 


Два меншыя пакоі аддадзеныя пад этнаграфію і краязнаўства. Экскурсавод Сяргей Дзямідаў тлумачыць:


"Тут раней існаваў мемарыяльны пакой Тадэвуша Касцюшкі. Экспанаты ў асноўным прадастаўленыя Брэсцкім рэгіянальным фондам Тадэвуша Касцюшкі, якім зараз кіруе Леанід Несцярчук. Таксама тут пастаянна бывалі дэлегацыі з Польшчы, і кожны раз яны нешта прывозілі. Прывезлі гэтую кулю з Рацлавіцкага поля бітвы, зямлю адтуль".


Бюст Касцюшкі ў 60-я гады быў часткай экспазіцыі музея Суворава ў Кобрыне, але неўзабаве яго схавалі ў запаснікі. Напрыканцы 1980-х дзеля нейкай дэлегацыі з Польшчы яго выцягнулі з пылу, прырабілі адбіты нос і паставілі перад школкай у Малых Сяхновічах, дзе цяпер музей.

Школку зачынілі некалькі гадоў таму назад, бо не было дзяцей. Нейкі час на яе месцы быў клуб. Таму квіткі прадаюць “са старых запасаў” — дыскатэчныя. 


Так і не памянялі маленькую шыльду з памылкамі каля з’езду з дарогі (напісаная беларускімі літарамі па-руску). Шыльда выкананая горш за суседнюю, якая запрашае на ферму буйной рагатай жывёлы. 

Няма абвестак пра музей і на дарогах і аўтабанах. Сяргей Дзямідаў мяркуе палепшыць сітуацыю. Кажа, хацелася б ачысціць ад крапівы падмуркі фальварку Касцюшкаў, а потым, магчыма, і аднавіць пабудову.