Мядзведзеў лічыць атамную энергетыку самай бяспечнай
Атамная энергетыка застаецца самым эканамічна выгодным спосабам атрымання электраэнергіі, "і — пры ўмове выканання адпаведных правіл і нормаў — самым бяспечным"
"Чарнобыльскія праблемы — агульны боль Расіі, Украіны і Беларусі, якую падзяляе ўся сусветная супольнасць", — заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў у звароце да суайчыннікаў у сувязі з 25-годдзем аварыі на Чарнобыльскай АЭС, паведамляе БелаПАН.
Па яго словах, Чарнобыль назаўжды застанецца знакам вялікага чалавечага гора.
"Цяпер ідзе збор сродкаў на будаўніцтва новага "саркафага" для аварыйнага рэактара. Ужо створана асамблея донараў, куды ўвайшлі 28 краін. І Расія таксама ўнясе сваё ўкладанне, пералічыўшы на працягу двух гадоў у Чарнобыльскі фонд "Укрыццё" і Рахунак ядзернай бяспекі не меней 45 млн. еўра", — паведаміў Мядзведзеў.
"Наступствы чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы яшчэ не пераадолены да канца, — падкрэсліў расійскі кіраўнік. — І тым цяжэй мы ўспрымаем падзеі ў Японіі, тым ясней усведамляем, наколькі першасныя пытанні забеспячэння бяспекі ядзерных аб'ектаў. Гэтыя трагедыі заклікаюць нас вынесці ўрокі на будучыню",- кажа прэзідэнт Расіі. .
У той жа час, лічыць Мядзведзеў, атамная энергетыка застаецца самым эканамічна выгодным спосабам атрымання электраэнергіі, "і — пры ўмове выканання адпаведных правіл і нормаў — самым бяспечным".