МЗС Літвы ізноў крытыкуе атамныя праекты Беларусі і Расіі

Пра гэта адзначаецца ў заяве, распаўсюджанай 11 красавіка прэс-службай МЗС Літвы. "Апошнім часам у расійскіх, беларускіх і літоўскіх СМІ зноў з'яўляюцца паведамленні і каментары пра тое, што нібыта будаўніцтва АЭС у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі адпавядае міжнародным стандартам, і нібыта Літва была праінфармаваная пра гэта.

Міністэрства замежных спраў Літвы ў чарговы раз падкрэслівае, што дзеянні Расіі і Беларусі па планаванні аб'ектаў атамнай энергетыкі па суседстве з ЕС не адпавядаюць міжнародным патрабаванням ядзернай бяспекі",  — гаворыцца ў заяве.

Паводле сцвярджэння прэс-службы МЗС Літвы, ні ад Расіі, ні ад Беларусі пакуль не паступіла вычарпальнай інфармацыі аб тым, згодна з якімі крытэрамі былі адабраныя Астравецкая і Нёманская пляцоўкі для развіцця атамных праектаў.