МЗС Літвы не знайшоў парушэнняў у выдачы візы неўязной Але Бодак
І нікога з чыноўнікаў караць не будуць.
Унутрыміністэрскае расследаванне выявіла, што чыноўнікі МЗС выконвалі ўсе належныя працэдуры і кансультаваліся з усімі адказнымі ўстановамі і партнёрамі Еўрасаюза.
Нагадаем, што намесніца міністра юстыцыі Беларусі Ала Бодак атрымала літоўскую візу. Аднак у суседнюю яна не змагла трапіць: памежнікі знайшлі яе імя ў спісе неўязных у Еўрасаюз.
Як цяпер паведамляе літоўскі МЗС, пры выдачы візы ў інфармацыйнай сістэме быў атрыманы адказ, што Алы Бодак няма ў спісе непажаданых асобаў. Гэта магло адбыцца з-за таго, што транслітарацыя імя Бодак была недакладнай, бракавала звестак пра дату нараджэння, адзначае партал DELFI. Сістэма пошуку фіксуе толькі ідэнтычныя запісы ў базе даных. Рэкамендацыю пра выдачу візы прадставілі і ўсе адказныя ўстановы, і некалькі партнёраў ЕС. Віза была выдадзена толькі пасля атрымання іх дадатнага адказу.