МЗС Украіны адрэагаваў на "некарэктныя" выказванні Лукашэнкі

"У гэты дзень любыя сваркі і ўзаемныя прэтэнзіі тоесныя танцам на костках. Пагатоў, абурэнне выклікаюць беспрэцэдэнтна некарэктныя каментары Аляксандра Лукашэнкі", — сказана ў каментары дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны.

У МЗС падкрэслілі, што асабістыя крыўды непрымальныя ў зносінах паміж людзьмі, асабліва, калі абразлівыя выказванні адрасуюцца дзяржаўным дзеячам, якія прадстаўляюць суверэнныя краіны і цэлыя аб'яднання краін.

"На жаль, падыходы афіцыйнага Мінска да адносін з ЕС, з многімі іншымі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасці цягам апошніх месяцаў усё менш адпавядаюць нормам міжнародных зносін", — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.

"Спадзяемся, кіраўніцтву Беларусі хопіць адказнасці перад сваімі грамадзянамі вярнуцца да канструктыўнай палітыкі супрацоўніцтва і з Украінай, і з ЕС, якія хочуць бачыць Рэспубліку Беларусь квітнеючай, дэмакратычнай і паспяховай", — заключылі ў МЗС Украіны.