На Далёкім Усходзе Расіі беларусы судзяцца за заробкі
Яны заяўляюць, што іх не забяспечылі годнымі ўмовамі пражывання і ашукалі з заробкамі.
Нашы суайчыннікі працавалі ў сезон ласосевай пуціны на востраве Шыкатан з групы Паўднёвых Курылаў. Як перадае interfax.by, курыльскі "Рыбакамбінат Астраўны" праз маскоўскае кадравае агенцтва адабраў летась каля 40 грамадзян Беларусі для перапрацоўкі рыбы. На Шыкатане беларусаў замест абяцанага інтэрната пасялілі на шхуне і забралі дакументы. Пасля двух месяцаў працы ім заплацілі толькі па 8000 расійскіх рублёў (крыху больш за 250 долараў).
Па словах юрыста рыбакамбіната, пашпарты беларусам вярнулі. А з заробкамі, кажа ён, беларусаў ашукала кадравае агенцтва.
Вялікая частка беларускіх работнікаў цяпер знаходзіцца ў Маскве і спрабуе абараніць свае інтарэсы ў судзе. Некалькі чалавек з-за адсутнасці грошай не змаглі вярнуцца дадому і сталі бамжамі на Шыкатане.