На Дзень Волі магілёўскія апазіцыянеры рыхтуюць святочнае мерапрыемства
А размаўляць з міліцыянтамі наконт папярэджанняў перад святам яны адмовіліся.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар Магілёўскай абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.
Магілёўскія міліцыянты выклікалі пяцярых апазіцыянераў 23 сакавіка, каб афіцыйна папярэдзіць іх. Праваахоўнікі не хацелі, каб дэмакратычныя актывісты ездзілі ў сталіцу на Дзень Волі. Але, кажа Салаўёў, планы міліцыянтаў былі сарваныя.
Салаўеў: "Як такога папярэджання не адбылося, бо яны парушылі закон — яны парушылі мой юрыдычны статус. Выклікалі ў якасці сведкі, а насамрэч — на размову, папярэджанне. І другое парушэнне было, што згодна з законам прафілактыкі, мне выносіць папярэджанне можа начальнік РУУС або яго намеснік, а выклікаў мяне намеснік кіраўніка аддзела прафілактыкі. Таму заявіўшы, што яны парушылі закон, мы развярнуліся і пайшлі дахаты".
Па словах магілёўца, міліцыянты выклікалі не шараговых актывістаў, а пераважна кіраўнікоў абласных арганізацый. Аднак пасля дэмаршу Салаўёва ўсе апазіцыянеры спакойна пакінулі пастарунак. Міліцыянты не настойвалі на гутарцы з імі.
Салаўёў лічыць, што ўвогуле само па сабе такое папряэджанне выглядае абсурдна:
Салаўеў: "Я лічу, што гэта абсурд. 25 сакавіка — гэта не дзень пратэсту, а гэта агульнае беларускае свята. І папярэджваць не святкаваць — гэта само па сабе абсурдна. Пры тым, што мы выконваем законы і ў межах законаў працуем, таму папярэджваць нас аб парушэнні закону нельга, бо мы заўсёды працуем у рамках закону".
Самі магілёўцы ў сталіцу і не збіраліся. Штогод яны адзначаюць Дзень Волі ў сваім горадзе, бо Магілёў —гэта адзіны горад у Беларусі, дзе гарадская ўлада адразу прызнала Беларускую Народную Рэспубліку.
Салаўеў: "У гэтым годзе запланавана святочная імпрэза з удзелам гісторыкаў нашых. І будзе ўскладанне кветак ля будынка, у якім у 1918 годзе была прызнаная БНР".
Дарэчы, папярэджанні перад Днём Волі — гэта не вынаходства магілёўскіх міліцыянтаў. Тым самым займаюцца праваахоўнікі ў Гродне, Гомелі, Рэчыцы. Не выключана, што геаграфія папярэджанняў яшчэ пашырыцца.