На Магілёўшчыне ніводзін кандыдат ад АГП не трапіў у эфір
Запісы выступаў усіх кандыдатаў ад АГП у Магілёўскай вобласці забароненыя да трансляцыі ў радыё- і тэлеэфіры.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава, нікога з пяці партыйцаў, якія балатуюцца ў рэгіёне, пакуль не прапусцілі ў эфір. Так, пад забарону трапілі трансляцыі выступаў Аляксея Кірыенкі, Мікалая Расюка, Уладзіміра Шанцава, Аляксея Паўлоўскага, Мацвея Хатары. У бліжэйшыя дні стане вядома, ці адбудзецца трансляцыя астатніх прадугледжаных заканадаўствам пра выбары тэле- і радыёвыступаў кандыдатаў у дэпутаты ад АГП.
Па словах прадстаўнікоў АГП, трансляцыю выступаў забараніла дырэктарка тэлерадыёкампаніі "Магілёў" Ірына Акуловіч.
Кандыдаты ў дэпутаты ад АГП збіраюцца абскарджваць у пракуратуры дзеянні ТРК "Магілёў" і дамагацца выхаду сваіх выступаў у тэле- і радыёэфіры.