На радзіме бізнэсоўца Чыжа можа паўстаць старажытнае капішча
Яго ўжо намаляваў мастак Анатоль Жалудко.
Аднавясковец Юрыя Чыжа з’яўляецца ініцыятарам стварэння этнаграфічнага турыстычнага комплексу “Наш родны кут Сабалі” ў Бярозаўскім раёне і ўладальнікам унікальнага музея этнаграфіі Палесся.
Некалькі аб’ектаў паказу знаходзяцца па-за вёскай Сабалі. Адзін з іх — гэта дуброва Гарадзішча па другі бок шашы М1, прыкладна пасярэдзіне адведзенага пад комплекс надзелу. У дальнім ад трасы канцы дубровы знаходзіцца пагорак, які даў ёй назву. Анатоль Жалудко мяркуе, што гэтае месца мела асаблівую функцыю:
"Гэтая гара — магчыма, была гарадзішчам балотнага тыпу. Падчас набегаў мясцовае насельніцтва, якое абрабляла палі навокал, збягалася сюды. Хутчэй за ўсё, яно было нежылое, было толькі абарончым аб’ектам. У палях навокал археолагі і я знаходзілі артэфакты: і мезаліт, і неаліт, і жалезны век, фібулы, прасліцы, кераміку…".
Напэўна, калісьці там было таксама старажытнаславянскае капішча, і варта было б яго аднавіць, мяркуе спадар Жалудко.
Якое месца зойме Гарадзішча ва ўсім комплексе, стане вядома пасля археалагічных раскопак, якія маюць правесці ў верасні адмыслоўцы з Акадэміі Навук.
Нагадаем, стварэнне этнаграфічнага турыстычнага комплексу "Наш родны кут Сабалі" рэгламентуецца ўказам Апяксандра Лукашэнкі. Мяркуецца да 2015 года на 330 гектарах уладкаваць этнаграфічны музей, лыжаролерную трасу, ферму буйной рагатай скаціны, гатэль, рэстаран, аўтастаянку ды іншыя аб'екты. Каштарыс будоўлі складае 15 мільёнаў долараў. Грошы вылучыла холдынгавая кампанія “Трайпл”, якой кіруе Юрый Чыж.
Фота — Еўрарадыё