На следстве Канавалаў прызнаваўся ў выбухах у Мінску і Віцебску
На допыце 13 красавіка Дзмітры Канавалаў прызнаўся, што зрабіў выбухі ў мінскім метро і ў ноч на 4 ліпеня 2008 года.
Таксама ён прызнаўся, што ўчыніў выбухі ў верасні 2005 года ў Віцебску. Відэазапіс гэтага допыту праглядаюць сёння ў судзе, перадае БЕЛТА.
На пытанне, як менавіта бомба была прыведзеная ў дзеянне ў метро, Канавалаў кажа: "Націснуў на кнопку". Пра мэту тэракту ён тлумачыць, што жадаў "дэстабілізаваць становішча ў Рэспубліцы Беларусь". Гэтую фразу падчас допыту ён паўтарае некалькі разоў.
Следчы пацікавіўся, адкуль Канавалаў узяў рэчывы, каб зрабіць выбухоўку. Той гаворыць, што купіў у крамах і на рынках. Схему выбуховага прыстасавання ён знайшоў на адным з інтэрнэт-сайтаў.