На старажытным капішчы невядомыя пераплаўліваюць кабель (фота)
Гэта выявіла група гамельчукоў, якая хацела 22 верасня адзначыць у вёсцы Хальч, што пад Веткай, “Дзень Балцкага адзінства”.
На месцы капішча, дзе ладзілі абрады старажытныя радзімічы, гамельчукі знайшлі два буданы і неверагодную колькасць перапаленых кабеляў ды іх аплётак. Хто менавіта перапальвау кабелі на гэтым месцы, засталося невядомым. Буданы абсталяваныя печкай-буржуйкай, спальнымі месцамі. Навакольная тэрыторыя засмечаная адкідамі, шыферам і перапаленым дротам.

Дзень балцкага адзінства — свята, якое адзначаюць у Літве, Латвіі, былой Прусіі. З нядаўняга часу яго святкуюць і ў Беларусі, бо ў дагістарычныя часы наш край таксама населялі балцкія плямёны. У гэты дзень на гарадзішчах і курганах распальваюць вогнішчы, якія сімвалізуюць непарушную сувязь з старажытнымі продкамі.

