На Верхнядзвінскім масласырзаводзе выявілі прыпіскі на 1,5 мільёна долараў
Пракуратура Віцебскай вобласці пачала крымінальную справу на дырэктара завода.
Як піша "Ежедневник", дырэктара падазраюць у злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. Аднак ён па-ранейшаму працягвае кіраваць прадпрыемствам.
Як выявілася, дырэктар хацеў стварыць бачнасць, што прадпрыемства нарошчвае вытворчасць прадукцыі, як патрабавалі прагнозныя паказчыкі. Паводле папярэдніх звестак пракуратуры, з траўня па жнівень 2010 года ён з іншымі службовымі асобамі завода арганізаваў фіктыўную ўзаемную пастаўку малака паміж сваім заводам і Полацкім малочным камбінатам.
Паводле дакументаў, з Полацка ішло малако, а з Верхнядзвінску — малочныя прадукты. Пракуратура сцвярджае, што прыпіскі склалі 4 мільярды 300 мільёнаў рублёў (гэта амаль 1,5 мільёна долараў па курсе таго часу). Матэрыяльную шкоду прадпрыемству ў выглядзе выдаткаў на аплату транспарту, неабгрунтаванага налічэння і выплаты заробкаў і прэмій ацэньваюць у 130 мільёнаў рублёў.
Фота — vitbichi.by