На Віцебшчыне ўшанавалі памяць гісторыка Отана Гедэмана (фота)
Польска-беларускаму гісторыку і краязнаўцу Отану Гедэману 29 красавіка сёлета спаўняецца 125 гадоў.
За апошнія сем гадоў свайго кароткага жыцця (памёр у 1937 годзе) напісаў і выдаў 8 грунтоўных манаграфій: “Гісторыя Браслаўскага павета”, “Дзісна і Друя — магдэбургскія гарады”, “Даўнія пушчы і воды”, “Граф Мануцы", “Глыбокае”, “Браслаўска-Дзісенскія запаветы ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў як гістарычныя крыніцы”, “Валяр’янаўскія школы айцоў піяраў Лужэцкіх”, “Гісторыя Белавежскай пушчы перад падзелам Рэчы Паспалітай (у перыяд да 1798 года)”.
Мясцовыя краязнаўцы вырашылі шырока адзначыць гэту юбілейную дату. 16 лютага на будынку Браслаўскага краязнаўчага музея была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда ў гонар Отана Гедэмана. У Паставах, Глыбокім, Браславе, Германавічах, Лужках і Лынтупах прайшлі прэзентацыі чатырох кніг Отана Гедэмана ў перакладзе на беларускую мову. Пераклады зрабілі краязнаўцы Уладзіслаў Ляскоўскі з Шаркаўшчыны і Міхал Гіль з Паставаў.
У ліпені адбудзецца абласная краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная гэтаму юбілею.

