На упакоўцы магілёўскага марожанага пішуць па-руску і на... іўрыце! (ФОТА)
Выяўляецца, што беларускае марожанае вязуць морам аж да Ізраіля.
Упакоўка магілёўскага пламбіра "Лёва", набытага ў Беларусі, здзіўляе сваёй непаўторнасцю. Апрача звычайнай інфармацыі пра склад, каштоўнасць і вытворцу на рускай мове, побач — інфармацыя ўтрая большымі літарамі на іўрыце!
Выявілася, што на беларускі рынак патрапіла частка марожанага, скіраванага ў Ізраіль. Сёлета 15-20 тон марожанага збылі ў Ізраіль, таму і тысячы вокладак выпусцілі з надпісамі на іўрыце.

Тэхнолаг Магілёўскай фабрыкі марожанага: "Вязем да порта ў фуры з маразілкай. Пасля ў Ізраіль — ці праз Прыбалтыку, ці праз Украіну. Перавозіць параход у кантэйнеры з тэмпературай не вышэйшай за -18".
Па дзяржаўным стандарце інфармацыя аб прадукце для спажыўца мусіць наносіцца па-беларуску ці па-руску і пры неабходнасці на замежнай мове, паведамілі ў Магілёўскай фабрыцы марожанага. Раней збываць мясцовае марожанае так далёка не даводзілася, кажуць на прадпрыемстве.