На ўкраінска-беларускай мяжы кантрабандыстаў спынілі пры дапамозе зброі
У Роўненскай вобласці на мяжы з Беларуссю ўкраінскія памежнікі вымушаны былі адкрыць агонь для затрымання групы кантрабандыстаў.
Як паведамілі Еўрарадыё сёння ў МУС Украіны, памежнікі атраду "Дубравіца" пры аглядзе ўчастка ўбачылі, як з аўтамабіля з беларускімі нумарамі кіроўцы перагружалі тавар у фургон "Мерседэс". Ён меў украінскія нумарныя знакі. Заўважыўшы памежнікаў, кіроўцы спрабавалі збегчы. Фургон удалося спыніць толькі з дапамогай стрэлаў па колах аўтамабіля. Машына кантрабандыстаў, страціўшы кіраванне, урэзалася ва УАЗ памежнікаў.
Праваахоўныя органы, спасылаючыся на таямніцу следства, не ўдакладняюць від тавару, які спрабавалі завезці ва Украіну кантрабандным шляхам. Здарэнне адбылося 25 кастрычніка.