На ўкраінска-славацкай мяжы знайшлі яшчэ адзін падземны тунэль
Супрацоўнікі СБУ знайшлі ўваход у яго ў памяшканні крамы ў вёсцы Малыя Селменцы Ужгарадскага раёна.
Як паведамляе УНІАН, уваход у падзямелле размяшчаўся на глыбіні 4 метраў і быў замаскаваны. Сам тунэль знаходзіцца ў аварыйным стане. 17 жніўня СБУ праінфармавала пра сваю знаходку славацкіх калегаў, каб можна было сумесна правесці следчыя дзеянні.
Гэта ўжо не першая такая знаходка ў Закарпацці. У ліпені ўкраінскія спецслужбы знайшлі ўваход у яшчэ адзін тунэль ў прыватным доме на ўскраіне Ужгарада. Праз падзямелле перапраўлялі кантрабанду праз украінска-славацкую мяжу. Высветлілася, што ў тунэлі была электрычнасць, рэйкі і ваганеткі!