Надзея Ермакова ўвайшла ў лік 10 найгоршых кіраўнікоў цэнтрабанкаў свету
Міжнародная арганізацыя Global Finance ацаніла працу кіраўнікоў 50 цэнтральных банкаў розных краін.
Як паведамляе АФН, адзнака выстаўлялася ў катэгорыі ад А, што адпавядае "пяцёрцы", да D - "двойкі". У якасці галоўных крытэраў адзначаліся ўменне кантраляваць узровень інфляцыі ў краіне, выконваць эканамічныя задачы і максімальна эфектыўна кіраваць адсоткавымі стаўкамі.
Праца кіраўніцы Нацыянальнага банка Беларусі ў 2012 годзе была ацэненая на С — "тройку". Акрамя Ермаковай у топ-10 найгоршых увайшлі таксама кіраўнікі цэнтрабанкаў Аргенціны, Эквадора, Японіі, Індыі, Венгрыі, Паўднёвай Карэі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, В'етнама і Лівана.
У дзясятку найлепшых трапілі кіраўнікі галоўных банкаў Канады, Аўстраліі, Ізраіля, Малайзіі, Філіпін, Тайваня, Мексікі, Чылі, Расіі ды Нігерыі.
Фота — bymedia.net