Нафтавікі просяць вызваліць іх ад абавязковага продажу валютных прыбыткаў
Беларускія НПЗ звярнуліся ва ўрад з просьбай адмяніць для іх абавязковы продаж 30% валютнай выручкі.
Пра гэта паведаміла АФН са спасылкай на расійскае агенцтва ПРАЙМ-ТАСС.
Сваю просьбу нафтавікі аргументуюць складаным фінансавым становішчам. Маўляў, адчуваецца рост сусветных коштаў на нафту, змяняюцца ўмовы імпарту расійскай нафты, а таксама зніжаецца прыбытковасць экспарту нафтапрадуктаў. Пры гэтым унутраны беларускі рынак для нафтаперапрацоўшчыкаў застаецца стратным.
Нафтавікі кажуць, што з-за імклівага росту коштаў на нафту заводам для аплаты імпартаванай сыравіны трэба ўсё больш валюты, якую даводзіцца купляць па рынкавым курсе.