“Наша Ніва” пакараная вялізным штрафам

29 ліпеня суддзя Гаспадарчага суда Мінска Аляксандр Карамышаў разгледзеў адміністрацыйную справу, распачатую ГУУС Мінгарвыканкама супраць “Нашай Нівы”.  Справа была ініцыяваная Міністэрствам інфармацыі, што даслала ў ГУУС Мінгарвыканкама ліст “Аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці”. Тым лістом Мінінфармацыі ініцыявала адміністратыўныя справы супраць “Нашай Нівы” і “Народнай волі”. Падставай было тое, што выданні мелі цягам года па два папярэджанні.

У дачыненні “НН” меліся на ўвазе папярэджанні ад 14 красавіка 2011 года за артыкул “Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі” і ад 6 ліпеня 2011 года за адсутнасць падпіснога індэкса ў выходных звестках аднаго з нумароў.

"НН" яшчэ не аспрэчыла папярэджанне ад 6 ліпеня, якое стала фармальнай прычынай для ўзбуджэння справы. Але суддзя адмовіўся прыпыніць справу на гэтай падставе. Нагадаем, што Мінінфармацыі спачатку ўвогуле хацела зачыніць незалежную газету, менавіта цераз гэтыя папярэджанні. Але 12 ліпеня міністэрства нечакана адклікала сваю позву з суда.

Газета спадзяецца абскардзіць судовае рашэнне цягам дзесяці дзён, паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко. Таксама ёсць спадзеў, што атрымаецца зняць папярэджанне за адсутнасць падпіснога індэксу. У такім выпадку сённяшняе рашэнне пра штраф будзе фактычна несапраўдным.