Наступнае паседжанне па пазове Партыі БНФ адбудзецца 28 красавіка
Аляксей Янукевіч кажа, што кругласуткавае дзяжурства ў офісе будзе працягнутае да прыняцця судом канчатковага рашэння.
Наступнае паседжанне па пазове Партыі БНФ адбудзецца 28 красавіка ў гаспадарчым судзе сталіцы, а 14-й гадзіне. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
"На нашу думку, калі не будзе нейкага палітычнага фактару, то рашэнне можа быць прынятае на нашу карысць", — сказаў Янукевіч. Паводле яго слоў, на сённяшнім папярэднім паседжанні прадстаўнік ЖРЭА нічога новага не прадставіў.
Нагадаем, 31 сакавіка завяршыўся тэрмін арэнды памяшкання па праспекце Машэрава, 8, у якім з 1993 года знаходзіцца цэнтральны офіс партыі. ЖРЭА Савецкага раёна Мінска падаўжаць дамову адмаўляецца. Партыя спрабуе аспрэчыць рашэнне камунальнікаў у судзе. Актывісты партыі арганізавалі кругласутачнае дзяжурства ў офісе.