Наваполацкая хакейная школа атрымае 25 млн за гол Андрэя Касціцына

Прэзідэнцкі спартовы клуб абяцаўся кожнаму гульцу нацыянальнай зборнай, які закінуў пераможную шайбу, а таксама брамніку, які згуляў "на нуль", даць права вызначыць школу, якой пералічаць 25 млн рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на ўмацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыю спартовых мерапрыемстваў.


Як нагадвае БЕЛТА, нашыя хакеісты змагаліся за захаванне прапіскі ў элітным дывізіёне чэмпіянату свету, які праходзіць у славацкіх Браціславе і Кошыцэ.


Доўгачаканая перамога над аўстрыйцамі з лікам 7:2 стала першай для беларусаў на гэтым чэмпіянаце свету. Аўтар трэцяй, вырашальнай шайбы Андрэй Касціцын прадказальна абраў у якасці адрасата наваполацкую школу, дзе ён вырас. 


На цяперашнім чэмпіянаце свету нашыя хакеісты атрымаюць яшчэ дзве спробы захаваць прапіску ў элітным дывізіёне чэмпіянату свету. 7 траўня ў Кошыцэ беларусы згуляюць з Латвіяй (пачатак у 13.15 па мінскім часе), а 8 траўня - у Браціславе са Славеніяй (21.15). Усе паядынкі нашай каманды будуць транслявацца у прамым тэлеэфіры.