Названы шорт-ліст намінантаў прэміі імя Святланы Навумавай

Як паведаміў Еўрарадыё сустаршыня журы Уладзімір Дунаеў, сёлета вылучэнне адбывалася крыху паскоранымі тэмпамі.

Дунаеў: "На аснове прапановаў па трох намінацыях ("Журналістыка", "Аналітыка" і "Маладыя палітыкі" — тыя, хто перспектыўны і прадвяшчае палітычную вясну ў Беларусі) былі складзеныя шорт-лісты. З многіх прапанаваных мы абралі тых, хто найбольш папулярны..."

Сярод журналістаў на прэмію прэтэндуюць шэф-рэдактар газеты "Народная Воля" Святлана Калінкіна, намеснік галоўнага рэдактара "Белгазеты" Віктар Марціновіч, карэспандэнт беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода" Алег Груздзіловіч. Сярод аналітыкаў — рэдактар сайта "Наше мнение" Валерыя Касцюгова, эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў, палітолаг Юры Чавусаў.

У намінацыі "Маладыя палітыкі" паміж сабой канкуруюць намесніца старшыні "Маладога Фронта" (Чэхія) Наста Палажанка, лідар моладзевага крыла кампаніі "Гавары праўду!" Павел Вінаградаў, каардынатар кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Вячаслаў Дзіянаў, актывіст Руху "За Свабоду" Мікіта Ліхавід.

Як кажа Дунаеў, 29 лютага журы падвядзе вынікі галасавання, а 1 сакавіка будуць уручаныя прэміі.