Немец парушыў мяжу дзеля каханай дзяўчыны з Валожына
21-гадовага грамадзяніна Нямеччыны злавілі на беларуска-польскай мяжы.
Гісторыя яго кахання да дзяўчыны-аднагодкі з Беларусі пачалася яшчэ ў жніўні. Дзяўчына па праграме абмену прыехала на нямецкі моладзевы фестываль, дзе і пазнаёмілася з рамантычным хлопцам.
Маладыя людзі пастаянна падтрымлівалі сувязь па тэлефоне і з дапамогай сацыяльных сетак. Бацькі валожынкі ведалі пра адносіны маладых людзей і прапаноўвалі аформіць запрашэнне, каб ён прыехаў у госці. Але хлопец з Нямеччыны вырашыў зрабіць больш рамантычны ўчынак.
Сустрэча закаханых усё ж адбылася, але ўжо ў іншых статусах: ён — парушальнік дзяржмяжы, а яна — сведка. Цяпер адчайнага немца не пусцяць у Беларусь цягам года, піша “Рэгіянальная газета”.