Непаўналетнюю Ганну Шкадун не асудзяць, бо скончыліся ўсе тэрміны
Камісія па справах непаўналетніх спыніла адміністрацыйны працэс непаўналетняй магіляўчанкі Ганны Шкадун.
Яе хацелі судзіць за ўдзел у Дні салідарнасці 16 студзеня.
Нагодай для спынення працэсу стала заканчэнне двухмесячнага тэрміна. Толькі на працягу гэтага тэрміну можна было прыцягнуць яе да адміністрацыйнай адказнасці.
Аднак праваабронца Барыс Бухель разам з маці дзяўчыны Наталляй Шкадун збіраюцца падаць скаргу ў суд. Яны хочуць, каб пастанову камісіі прызналі неправамернай не з-за сканчэння тэрмінаў, а па сутнасці. Бухель кажа, што такая мера дазволіць навесці парадак у справах міліцыі ды інспектараў па справах непаўналетніх і будзе засцярогай на будучыню.
Нагадаем, што, па словах Наталлі Шкадун, інспектар па справах непаўналетніх Уладзімір Радзевіч падрабіў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні Ганны Шкадун і накіраваў яго на разгляд у камісію па справах непаўналетніх, аднак спазніўся па тэрмінах. З гэтай нагоды жанчына ўжо накіравала скаргу ў пракуратуру.