Ноўтбукі і пралкі падаражаюць, а фотаапараты і мабільныя – пакуль не

Просценькі ноўтбук “Самсунг”, які яшчэ ўчора каштаваў 399 долараў, сёння ў інтэрнэт-краме каштуе 450. Прадавец кажа, што пераацэнка ўжо адбылася.

“У пастаўшчыкоў мяняюцца цэны, адпаведна, у нас таксама мяняюцца цэны”, – тлумачыць “Еўрарадыё” прадавец ноўтбукаў з інтэрнэт-крамы. –Большасць цэнаў вырасла на 10–15%”.

Рэшткаў тавару па ранейшых цэнах амаль не засталося. Тое ж самае сцвярджае і яго калега з іншай крамы Яраслаў.

“Цэны ўзнімуцца, прычым, на 20% на ўсё, – упэўнены ён. – На нешта ўжо паднялі. На некаторыя дыстрыб’ютары паднялі, на некаторыя – не. Вось Fujitcu і Sony пакуль не ўздымалі. Sumsung – стоп-адгрузкi, HP – паднялi, Toshiba – паднялі, Lenovo – паднялi”.

Прадавец параіў нам набыць ноўтбук менавіта сёння, бо за заўтрашнія цэны ён не адказвае.

Тое ж самае параілі яшчэ ў адной краме. “Зараз танней, чым будзе праз тыдзень, – кажа прадавец. – Пастаўшчык адклікае зараз усе мадэлі, якія ў нас на вітрыне стаяць. Будзе пераацэньваць іх, а потым аддаваць нам назад, па іншых цэнах ужо”.

А вось гандляры мабільнымі тэлефонамі спакойныя. Шмат апытаных Еўрарадыё прадаўцоў мяркуе, што курс долара не ўзрасце, таму цэны застануцца ранейшымі. Але ёсць і нязгодныя з такім меркаваннем.

“Я ж не магу гарантаваць курс Нацбанка, – кажа прадавец. – Калі Нацбанк падніме, то, натуральна... Кажуць, што будзе ў раёне 4000. Яно абяцалася яшчэ на мінулым тыдні, але... Пакуль бачыце, што ў абменніках няма валюты...”

У стабільных цэнах усе як адзін запэўніваюць гандляры фотатэхнікай. Нават, прагназуюць... іх падзенне.

“Праз месяц яны ўпадуць у кожным выпадку, – кажа прадавец інтэрнэт-крамы і дадае: Але, ці мала што... Дэвальвацыя дый куча ўсялякіх прычын...”

А вось кошт пральных машын хутка можа падняцца на 5–10 долараў.

“Зараз, разумееце, якая сітуацыя? 16-га сакавіка выйшла пастанова – зараз трэба закупляць валюту за месяц на біржы. Цана будзе зусім іншая ўжо. Можа, на пяць, можа на дзесяць долараў вышэй”, – адзначае прадавец.

“Усё залежыць ад пастаўшчыкоў. Зараз вось некаторыя ўвогуле тавар спынілі адгружаць, таму што баяцца змянення цэнаў, – распавядае яшчэ адзін гандляр пральнымі машынамі. – Яны ж закупаюцца ў Еўропе таварам. І яны, напрыклад, купілі за 100 долараў тавар, выдаткавалі 300 тысяч рублёў, прададуць яго за 400 тысяч, а долар скокне, стане 4 тысячы. І, груба кажучы, атрымаецца, што яны тавар прадалі ў нуль. І зараз многія пастаўшчыкі нам тавар таксама не адгружаюць – чакаюць панядзелка, гэтых вось усіх змяненняў”.