Новага кіраўніка Саюза пісьменнікаў абяруць 10 снежня

Алесь Пашкевіч не будзе балатавацца на наступны тэрмін: статут арганізацыі дазваляе аднаму чалавеку быць на пасадзе старшыні толькі два тэрміны. Пра гэта кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў паведаміў у каментары Еўрарадыё. Імя свайго верагоднага пераемніка Пашкевіч не называе, але кажа, што кандыдатура ёсць.

Пашкевіч: "Першым пытаннем на Радзе абмяркоўваўся план правядзення чарговага з'езду і была прызначана дата яго правядзення — 10 снежня гэтага года. Мы яшчэ гэта не афішуем, але Рада прыняла рашэнне прапанаваць з'езду сваю кандыдатуру, як гэта традыцыйна робіцца".

На паседжанні Рады СБП акрамя з'ездаўскіх вырашаліся і іншыя пытанні. Так, са складу пісьменніцкага саюзу выключылі скандальна вядомага Эдуарда Скобелева і Васіля Якавенку. А яшчэ 14 пісьменьнікаў былі выключаныя па іх заявах у сувязі з пераходам у афіцыёзны Саюз пісьменнікаў Беларусі.