Новага намесніка кіраўніка руху "За Свабоду" абяруць на З'ездзе арганізацыі
Віктар Карняенка сышоў з кіраўніцтва арганізацыі "ў сувязі з разыходжаннем поглядаў на стратэгію і тактыку дзейнасці".
У каментары Еўрарадыё экс-намеснік Аляксандра Мілінкевіча заявіў, што апошнім часам яго аргументы не ўлічваюцца пры прыняцці рашэнняў, а адказваць за чужыя рашэнні ён не хоча.
Віктар Карняенка: "Я лічу, што сёння, калі ў краіне такая сацыяльна-эканамічная сітуацыя, калі людзі па-іншаму ацэньваюць уладу і шукаюць ёй альтэрнатыву, усе адказныя людзі і структуры (нельга ж казаць, што Мілінкевіч грамадскі дзеяч, а не палітык — чалавек жа балатаваўся ў прэзідэнты) павінны якраз працаваць з людзьмі, а не займацца асветніцтвам ці экспертызамі на далёкую-далёкую перспектыву".
Карняенка кажа, што надалей працягне дзейнічаць у рамках Аб'яднанай грамадзянскай партыі, з якой ён не выходзіў. Разам з тым ён адзначае, што не бачыць у сённяшняй Беларусі ніводнай самадастатковай палітычнай структуры, якая можа самастойна ўплываць на палітычную сітуацыю. Таму выйсце ён бачыць у кансалідацыі палітычнах сілаў.
Намеснік кіраўніка руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч не лічыць сыход Віктара Карняенкі разладам у руху.
Юрась Губарэвіч: «У нас у Беларусі сітуацыя такая закансерваваная, не толькі ва ўладзе, але і ў апазіцыі, што сыход аднаго з лідэраў адной з арганізацыяў успрымаецца як вельмі важная падзея. Насамрэч, гэта звычайны працэс. Людзі схільныя да пэўнага развіцця, да змены сваіх думак, у тым ліку, да пэўнай нязгоды з той лініяй, якую праводзіць арганізацыя, таму яны маюць права выбіраць, дзе яны будуць рэалізоўваць свой патэнцыял».
У адказ на словы Карняенкі пра тое, што рух «За Свабоду» не займаецца палітычнай дзейнасцю, Губарэвіч лічыць, што арганізацыя не займаецца імітацыяй палітычнай дзейнасці.
Юрась Губарэвіч: «Сёння немагчыма рэалізаваць сябе ў выбарчых кампаніях, бо яны праводзяцца недэмакратычна, з прадказальным фіналам. Рух “За Сывабоду” абірае тыя рэчы, якія можна рэалізаваць ужо сёння і зараз у Беларусі, якія натуральна будуць мець важнае значэнне і зараз, і на перспектыву, таму я не бачу ніякага грунту пад падобнымі прэтэнзіямі».
Калегі Віктара Карняенкі ацэньваюць яго як чалавека з багатым палітычным і грамадскім досведам і спадзяюцца, што той прыцягне дзейнасць у арганізацыі, хоць ужо і не на кіруючай пасадзе.
Алесь Сілкоў: «Віктар Карняенка – гэта чалавек тактык, як я яго называю, палявы камандзір, ён хоча бачыць вынікі сваёй дзейнасці. А рух «За свабоду» складваўся на перспектыву. Бо мы павінны разумець, што штосьці будзе і пасля Лукашэнкі. Мы павінны працаваць на будучыню, дэмакратызацыю, еўрапеізацыю Беларусі. А Віктар гаворыць, што трэба дзейнічаць. Бо пакуль ёсць дыктатура, няма Руху «За свабоду».
Абранне новага намесніка кіраўніка руху «За Свабоду» мусіць адбыцца на З'ездзе арганізацыі. Дата яго правядзення пакуль невядомая.