Новым Папам Рымскім можа стаць любы католік з вуліцы (фота + гісторыя)

Імя новага Папы можа стаць вядомым у гэты ж дзень, бліжэй да вечара. Тэарэтычна, на святы прастол можа сесці любы католік, нават мінак з вуліцы. Але, хутчэй за ўсё, абраны будзе нехта з Калегіі кардыналаў. Заўважны фаварыт — цемнаскуры кардынал Пітар Тарксан (Peter Kodwo Appiah Turkson) з Ганы, нават букмекеры выстаўлялі на яго “перамогу” мінімальны каэфіцыент. Што праўда, прымаць стаўкі на новага Папу яны перапынілі вельмі хутка, і прычын не патлумачылі.

 

Шэры дым

Самыя доўгія выбары Папы Рымскага працягваліся 2 гады і 9 месяцаў пасля таго, як у 1268 годзе памёр Клімент IV. Раз’юшаныя вернікі зачынілі кардыналаў у саборы Вітэрба і запатрабавалі не выпускаць іх, пакуль не будзе абраны новы Папа. Але кардыналы працягвалі спрачацца і плесці інтрыгі. Тады вернікі знялі з сабора дах, адкрыўшы залу ветру і дажджу. Кардыналы ў адказ разбілі намёты… Але пасля таго, як іх пасадзілі на хлеб і ваду, усё ж абралі новага Папу — Грыгорыя Х.

Вітэрба

Менавіта Грыгорый Х на ўсялякі выпадак і вызначыў парадак абрання свайго пераемніка. Слова “канклаў” з лаціны перакладаецца як “пад ключом”. Некалькі стагоддзяў запар кардыналаў на перыяд выбараў “зачыняюць”, каб засцерагчы ад непатрэбнага ўплыву. А пра абранне Папы сведчыць белы дым ад спаленых бюлетэняў для галасавання.

Што праўда, падчас абрання Папы Яна Паўла I у жніўні 1978 года з коміна Сіксцінскай капэлы пайшоў… шэры дым! Вернікі, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра, не ведалі, што і думаць. Таму 16 кастрычніка таго ж года, падчас абрання Яна Паўла II, бюлетэні спальвалі не толькі на традыцыйнай саломе, але і пры дапамозе газу. А ў 2005 годзе, каб выключыць непаразуменні, да белага дыму дадалі гук званоў.

Канклаў 2013

12 сакавіка ў 17:30 па мясцовым часе (19:30 па Мінску) кардыналы пачынаюць выбіраць пераемніка Бенедыкта XVI. На час канклава яны паселяцца ў Доме Святой Марфы. Выбары пачнуцца супольнай малітвай у Паалінскай капэле. Недзе праз гадзіну кардыналы пяройдуць у Сіксцінскую капэлу.

Сіксцінская капэла побач з плошчай Святога Пятра

Сіксцінская капэла

Дымаход, з якога двойчы на дзень будзе ісці дым — чорны (у выпадку, калі канклаў працягваецца) ці белы (калі Папа абраны)


Галасаванне адбываецца 4 разы на дзень, два разы — раніцай і два разы — апоўдні. Каб заняць святы прастол, трэба набраць 77 галасоў са 115. Гэта 2/3 галасоў ад агульнай колькасці кардыналаў — 207. Але ў 1996 годзе Ян Павел ІІ выдаў апостальскую канстытуцыю "Universi Dominici gregis", згодна з якой, галасаваць падчас выбараў новага Папы могуць толькі кардыналы, маладзейшыя за 80 гадоў. Такіх на гэты момант 117. Двое не здолелі прыехаць на канклаў праз хваробу.

Падчас папярэдніх нарадаў стала зразумела, што кардыналы не маюць намеру губляць шмат часу. Наступнага Папу Рымскага выберуць максімум праз 4 дні пасля пачатку канклава. Але галасаванне не абяцае быць лёгкім.

Новы курс

Еўрарадыё склала ТОП-10 прэтэндэнтаў на святы прастол. На жаль, беларусаў няма ні сярод іх, ні сярод астатніх 105 “выбаршчыкаў”. Затое ў лік кардыналаў уваходзіць Тарчызіё Бертонэ, дзяржаўны сакратар Бенедыкта XVI і, як вынік, першы на гэты момант чалавек у Ватыкане. У 2008 годзе Бертонэ наведваў Беларусь і нават сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Але нічым канструктыўным гэтая сустрэча не скончылася. 

Самі кардыналы ў прагнозах наконт вынікаў галасавання вельмі асцярожныя. “Хто заходзіць на канклаў у якасці кандыдата ў Папы, выходзіць з яго кардыналам”, — жартуе 63-гадовы архіепіскап Сан-Паўлу Адзіліу Шэрар, адзін з нашай дзясяткі.

У межах сёлетніх кардынальскіх нарадаў як ніколі гучна кажуць пра праблемы каталіцкай царквы: ад фінансавых да рэпутацыйных (скандалы з педафіліяй). Час ідзе і змяняюцца групы ўплыву ў кардынальскім асяродку. Замест “кансерватараў” і “прагрэсістаў” за ўладу цяпер змагаюцца “ратцынгеране” (прыхільнікі ліберальных пераўтварэнняў Бенедыкта XVI) і прадстаўнікі “старой курыі”.

Разыходжанні паміж кардыналамі пачаліся ўжо падчас вызначэння даты канклава. Амерыканскія і нямецкія кардыналы адцягвалі яе абвяшчэнне, настойваючы на як мага больш поўным папярэднім абмеркаванні. Італьянскія кардыналы, пра якіх сёння пішуць, што яны ўжо ўсё і за ўсіх вырашылі, імкнуліся пачаць канклаў як мага хутчэй. Тут варта адзначыць, што 28 са 115 кардыналаў — італьянцы.