Германія, Польшча, Францыя і Італія хочуць ператварыць ЕС у федэрацыю
Міністры замежных справаў 11 краін ЕС прапануюць рэзкую цэнтралізацыю ўлады.
Радыкальны праект рэформы прапанавала група па пытаннях будучыні Еўрапейскага саюза. У яе ўваходзяць міністры замежных справаў 11 краін — Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі ды Францыі. Як адзначае выданне "EUobserver", ЕС прапануецца ўвесці пасаду абранага ўсеагульным галасаваннем прэзідэнта, стварыць агульнаеўрапейскі МЗС, пачаць выдаваць адзіныя для ўсяго ЕС візы і нават разгледзець магчымасць фармавання адзінага еўрапейскага войска.
Акрамя таго, піша nn.by, рэфарматары прапануюць адмяніць права вета, якое цяпер маюць асобныя краіны ЕС у пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі, а таксама пры ратыфікацыі агульнаеўрапейскіх дамоваў. Тады асобным краінам давядзецца прымаць падтрыманыя большасцю замежнапалітычныя меры, нават калі самі яны з імі не згодныя.
Прадугледжваецца і стварэнне адзінага паліцэйскага органа, які будзе займацца кантролем межаў ЕС, а таксама фармаванне ў Еўрапарламенце спецыяльнай палаты дэпутатаў з краін зоны еўра, якая будзе займацца кантролем адзінай валюты.
А вось ідэя фармавання адзінага еўрапейскага войска пакуль выклікае супярэчлівую рэакцыю: яе падтрымалі нават не ўсе чальцы групы па пытаннях будучыні ЕС.