ПА АБСЕ на зімовай сесіі абмяркуе сітуацыю з закрыццём офіса ў Мінску

Парламенцкая асамблея АБСЕ на зімовай сесіі 24—25 лютага ў Вене абмяркуе сітуацыю з закрыццём офіса АБСЕ ў Мінску. Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе арганізацыі.

"Улічваючы вялікую цікавасць парламентарыяў да падзей у Беларусі ў снежні мінулага года і цяперашняй сітуацыі, гэта пытанне будзе абмяркоўвацца", — сказаў БелаПАН супрацоўнік прэс-службы.

Пытанне пра закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску будзе разглядацца на паседжанні камітэта па дэмакратыі, правам чалавека і гуманітарным пытанням. Чакаецца, што ў абмеркаванні прымуць удзел кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правам чалавека АБСЕ Янез Ленарчыч і прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дунья Міятовіч.